пра нас | кантакты | для аўтараў | навіны | падзеі | права | эканоміка | паліталёгія | іншыя навукі | бібліятэка | рассылка

Люты 26, 2017             галоўная старонка

EnglishBelorussian

пошук

 эканоміка

2008-08-04

друкаваць

Рэгіянальная адчувальнасьць ў Эўрапейскім Валютным Зьвязе

А. Уступ

Сучасная эканоміка знаходзіцца пад уплывам ґлябалізацыйных тэндэнцыяў. Аднак, пры гэтым вельмі выразна бачная супрацьлеглая тэндэнцыя рэгіяналізацыі, што характарызуецца зьмяншэньнем дамінаваньня дзяржавы і павелічэньнем ролі рэгіёнаў.

Ва ўмовах Эўропы рэгіёны заўсёды былі тым падмуркам, на якім стваралася гісторыя. Гэта тлумачыцца найперш палітычнай фрагмэнтацыяй і адрозьненьнямі ў этнічных, культурных і эканамічных чыньніках. З разьвіцьцём эўрапейскай інтэграцыі шматлікія рэгіёны, што былі арэнамі спрэчак і канфліктаў, ператварыліся ў такія, што ёсьць цэнтрамі для разьвіцьця і супрацы. Стварэньне ЭВЗ і ўвядзеньне адзінай эўрапейскай валюты сталася новым этапам інтэграцыі ў Эўразьвязе, калі дзяржавы-чальцы адмовіліся ад уласнай манэтарнай палітыкі на карысьць Эўрапейскага Цэнтральнага Банку, што месьціцца ў Франкфурце.

Натуральна, што кожны рэгіён мае сваю ўласную спэцыфіку, аднак, на падставе пэўных крытэраў, іх можна клясыфікаваць. Рэгіянальнае разьвіцьцё вымяраецца праз два кампанэнты: структурныя чыньнікі і чыньнікі, што ўплываюць на разьмяшчэньне вытворчасьці. Першы зь іх ёсьць найбольш істотным, бо на падставе яго можна прасачыць дынаміку разьвіцьця рэгіёну.

Структурны чыньнік ёсьць пэўнай фіктыўнай велічынёй, што паказвае як пераменны індыкатар для рэгіёну (альбо для пэўнай галіны эканомікі) зьмяніўся-б у часе правядзеньня дасьледаваньняў, калі-б разьвіцьцё рэгіёну праходзіла так, як на абшарах ўсёй тэрыторыі. [1]Сярод шэрагу структурных чыньнікаў найперш вылучаюцца экспартная арыентацыя, структура прадукцыі, малыя і сярэднія прадпрыемствы (МСП).  

Б. Экспартная арыентацыя

Геаграфічная арыентацыя экспарту ёсьць адным з найбольш істотных чыньнікаў, на падставе аналізу якіх можна казаць пра перавагі ад удзелу ў Эўрапейскім Валютным Зьвязе. Прыклад Фінляндыі можа быць добрай і, пэўна, найбольш яскравай ілюстрацыяй згаданай вышэй тэзы. Экспарт у краіны ЭЗ ў нацыянальным прадукце Фінляндыі перавышае 50%.

Дзьве траціны ад гэтага экспарту падзяляюцца, аднак, паміж трыма краінамі – Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Швэцыяй.[2] Такім чынам, Нямеччына ёсьць ня толькі адным з галоўных гандлёвых партнэраў Фінляндыі, але і адзіным буйным гандлёвым партнэрам у Эўрапейскім Валютным Зьвязе. Нягледзячы на значную ролю Нямеччыны ў ЭВЗ, узровень гандлю зь іншымі краінамі чальцамі Валютнага Зьвязу застаецца адносна нізкім (акрамя Нідэрляндаў). Больш за тое, яшчэ два з найбуйнейшых гандлёвых партнэраў Фінляндыі (менавіта Швэцыя і Вялікая Брытанія) застаюцца па-за межамі ЭВЗ. Такім чынам, нягледзячы на тое, што гэтыя дзьве краіны належаць да Эўразьвязу, іхны адсотак у фінскім экспарце накіроўваецца па-за межы зоны эўра. Адпаведна, пашырэньне Валютнага Зьвязу і асабліва далучэньне да яго Швэцыі і Вялікай Брытаніі можа падвысіць прыбыткі ад адзінай эўрапейскай валюты для фінскіх экспартэраў.

Зразумела, што на рэгіянальным узроўні можна прасачыць падобную да апісанай вышэй тэндэнцыю, аднак уплыў валютнага зьвязу на канкрэтныя рэгіёны залежыць ад стартавых асаблівасьцяў пэўнага рэгіёну. У выпадку Фінляндыі найбольш заможная правінцыя Уусімаа (што ўключае сталіцу краіны – Хэльсынкі) мае ня толькі найбольш разьвітую структуру прадукцыі і экспарту, але і найбольшую канцэнтрацыю чалавечага капіталу. Такім чынам, ужо ад пачатку Уусімаа можа атрымаць найбольшыя дывідэнды ад удзелу Фінляндыі ў ЭВЗ.

В. Структура прадукцыі

Структура прадукцыі ёсьць наступным істотным чыньнікам. На ўзроўні краінаў назіраецца досыць аднастайная структура прадукцыі. Характэрнай рысай гэтага ёсьць досыць вялікі адсотак унутрыгаліновага гандлю. Аднак на рэгіянальным узроўні краіны Эўразьвязу не адрозьніваюцца падобнай аднастайнасьцю. Эўракамісія ў сваёй справаздачы наконт ЭВЗ адзначыла, што рынкі прадукцыі ў ЭЗ больш спэцыялізуюцца менавіта на ўнутрыгаліновым ўзроўні.[3] Што да пэўнай вытворчай спэцыялізацыі, у кожным выпадку дамінуюць адна, дзьве ці тры краіны. Можна адзначыць, што спэцыялізацыя ва ўнутраным гандлі ЭЗ выяўляецца акурат на гэтых досыць вузкіх межах. Такім чынам, спэцыялізацыя ў Эўропе ёсьць больш адчувальнай менавіта на рэгіянальным, а не на нацыянальным узроўні.

Спэцыялізацыя ў Эўропе ёсьць больш адчувальнай менавіта на рэгіянальным, а не на нацыянальным узроўні 

Ва ўмовах ЭВЗ, які скіраваны на зьнікненьне эканамічных межаў у Эўропе, бізнэс мае дадатковыя магчымасьці. Шмат якія галіны могуць атрымаць дадатковы штуршок для разьвіцьця ад так званага “эфэкту агламэрацыі”, калі кампаніі атрымліваюць большы эфэкт ад канцэнтрацыі ў гарадох з разьвітой прамысловай спэцыялізацыяй. Акрамя таго, увядзеньне адзінай валюты зьменшыла кошты ад вядзеньня бізнэсу ў малых гарадох, адкрыўшы іх для калісьці задарагіх відаў эканамічнай дзейнасьці і зьмяняючы іх спэцыялізацыю.

Уплыў ЭВЗ на ўмовы вядзеньня бізнэсу можа быць розным для розных рэгіёнаў і галінаў дзейнасьці, але ён можа спрычыніцца да зьменаў у геаграфіі вытворчасьці. Найпрасьцейшым прыкладам гэтага ёсьць перамяшчэньне кампаніі з аднаго места ў іншае. Пры гэтым чым большая кампанія, тым больш эфэкт мае гэтае перамяшчэньне. Да таго-ж эфэкт ад гэтага можа быць нават большым, зважаючы на тое, што ў шматлікіх выпадках перамяшчэньне кампаніі закранае і цесна зьвязаныя зь ёй іншыя сфэры дзейнасьці, як напрыклад транспарт, дасьледаваньні ці фінансавыя паслугі. Варта спыніцца на шэрагу прыкладаў, у якіх прадукцыйная структура рэгіёнаў ёсьць ці не найважнейшым чыньнікам, што вызначае далейшае яго разьвіцьцё.

Ва ўмовах сучаснай эканомікі дакладная ацэнка прадукцыйнай структуры рэгіёну ёсьць неабходнай. Гэта мусіць суправаджацца выкарыстаньнем розных маркетынгавых ноў-хаў, якія “прадаць” рэгіён на міжнародным узроўні. Апошняя тэза асабліва актуальная для гарадоў, а найвыразьнейшым прыкладам стварэньня прывабнага эканамічнага клімату, а, адпаведна, і істотных ды дынамічных зьменаў ёсьць Бэрлін. Пасьля таго, як у Нямеччыне вырашылі перанесьці сталіцу з Бону, Бэрлін атрымаў дзяржаўныя сродкі, якія вызначылі досыць вялікі адсотак сучаснага росту. Акрамя гэтага, выдаткі места на рамонтныя працы складаюць каля 12 млрд. даляраў.[4] Аднак, сталіца Нямеччыны самастойна спрабуе зацікавіць як мага больш кампаніяў, што спэцыялізуюцца на новых тэхналёгіях, такіх, як мэдыі, камунікацыі, біятэхналёгіі. 12 тэхналягічных цэнтраў прапануюць танную арэнду і падатковыя палёгкі для прадпрымальнікаў. Больш за тое, гэтыя шматлікія навацыі дапамагаюць канчаткова пазбавіцца ад наступстваў паваеннага падзелу места на капіталістычны Заходні і сацыялістычны Ўсходні Бэрлін.

У сваю чаргу, ЭВЗ можа значна спрычыніцца да паглыбленьня спэцыялізацыі ў ЭВЗ. Гэтая тэндэнцыя можа падвысіць рэгіянальную адчувальнасьць да шокаў. Іншы фінскі прыклад паказвае, што патэнцыйныя праблемы, зьвязаныя зь недастатковай дывэрсыфікацыяй, могуць найбольш закранаць правінцыі з дамінаваньнем лясной прамысловасьці (Усходняя і Паўночная Фінляндыя). Спэцыялізацыяй гэтых рэгіёнаў ёсьць цэлюлёзна-папяровая прамысловасьць, што складае больш за 60% прамысловай актыўнасьці і каля 80% экспарту.[5] Такім чынам, лясны сэктар ёсьць моцным складнікам экспарту і ў звычайных умовах істотным чыньнікам росту. Аднак, стварэньне і разьвіцьцё альтэрнатыўных формаў эканамічнай дзейнасьці ёсьць выразнай і важнай задачай для будучыні. Тое самае тычыцца і сельскай гаспадаркі, хоць тут варта зазначыць, што ЭВЗ ня мае на яе наўпроставага ўплыву.

Такім чынам, ва ўмовах трансфармацыяў сучаснае эканомікі і неабходнасьці прыстасоўвацца да ўмоваў, што хутка зьмяняюцца, роля рэгіёнаў значна ўзрастае. З стварэньнем ЭВЗ геаграфічная арганізацыя і структура вытворчасьці ў Эўропе нашмат залежаць ад таго, наколькі пасьпяхова будзе ажыцьцяўляцца інтэграцыя ў валютным зьвязе.[6] У гэтых умовах Эўразьвяз мусіць, аднак, прыняць захады што да зьмякчэньня эканамічнага разьмежаваньня ў ЭВЗ, калі капіталы і віды дзейнасьці перамяшчаюцца зь бяднейшых пэрыфэрыйных ў дагэтуль эканамічна моцныя рэгіёны. Такая тэндэнцыя можа яшчэ больш пашкодзіць бяднейшым рэгіёнам.

Г. Малыя і сярэднія прадпрыемствы

Малыя і сярэднія прадпрыемствы (МСП) ёсьць хіба найбольш цікавым сярод структурных чыньнікаў. Катэгорыя малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) складаецца з такіх, што забясьпечваюць працу ня больш чым для 250 работнікаў. Пры гэтым іх штогадовы абег не перавышае 50 мільёнаў эўра і/ці штогадовы выніковы бугальтарскі балянс не перавышае 43 мільёны эўра. У сваю чаргу малое прадпрыемства вызначана як такое, што дае працу ня больш чым 50 работнікам. Ягоныя штогадовы абег і выніковы бугальтарскі балянс ня мусяць перавышаць 10 мільёнаў эўра.[7] Ва ўмовах дынамічных зьменаў у сучаснай эканоміцы роля МСП становіцца ўсё больш значнай, асабліва ў рэгіянальным кантэксьце.

Сучасную эканоміку характарызуюць доўгатэрміновыя структурныя зьмены ў сфэрах транспарту, камунікацыяў і інфармацыйных тэхналёгіяў. Гэтыя зьмены могуць суправаджацца істотнай прасторавай рэарганізацыяй дзейнасьці. Такая практыка можа быць асабліва эфэктыўнай у пэўных сэктарох, рэгіёнах альбо тыпах прадпрыемстваў у пачатковай фазе інтэграцыі новых чальцоў ЭЗ. Разьвіцьцё бізнэс-сыстэмаў вызначана ЭЗ (асабліва ў Інавацыйнай Праграме[8]) як падставовы мэтад зьмяншэньня нэгатыўных эфэктаў пэрыфэрыйнасьці. У гэтых варунках сыстэмы супрацы МСП выглядаюць як дадатковая і надзейная альтэрнатыва традыцыйным эканамічным сыстэмам у мескіх і сельскіх раёнах. МСП прапануюць мэтады разьвязаньня ключавых праблемаў і ствараюць пэрспэктывы для здаровай і ўстойлівай эканомікі ў доўгай пэрспэктыве і ва ўмовах арганізацыйных інавацыяў.

Арганізацыйныя інавацыі ня ёсьць лінейным працэсам, то бок працэсам, дзеяньні якога выконваюцца ў пэўнай акрэсьленай адпаведнасьці. Яны мусяць трактавацца як больш складаная сыстэмная мадэль. Такая мадэль улічвае лякацыю прадпрыемства, ягоную значнасьць і, асабліва, спосаб, ў які МСП ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць. Вядома, што МСП не працуюць у падобны да вялікіх фірмаў спосаб. Вось чаму яны мусяць надта разьлічваць на зьнешнія сродкі. Такім чынам, ідэя стварэньня сыстэмаў супрацы, мэнэджмэнт і групаваньне моцна зьвязана з арганізацыйнымі інавацыямі. Сапраўды, розныя сфэры дзейнасьці вымагаюць розных інавацыйных сыстэмаў, што залежыць найперш ад галіны, памеру і формы арганізацыі. Функцыянаваньне ва ўмовах ЭВЗ, у сваю чаргу, зьмяншае кошты ад вядзеньня бізнэсу.

ЭВЗ зьмяняе клімат для дзейнасьці МСП. Часта адносная эфэктыўнасьць ад Валютнага Зьвязу можа быць для іх большай, чым для буйных прадпрыемстваў. Паглыбленьне спэцыялізацыі разам з павелічэньнем унутрыпрамсловага гандлю ёсьць магчымымі структурнымі вынікамі для МСП ад дзейнасьць у варунках ЭВЗ.[9] Акрамя таго, няма патрэбы больш зважаць на дадатковыя выдаткі, што паўстаюць з-за розных праўных нормаў ці валютаў. У ЭВЗ дамовы паміж суб’ектамі гаспадараньня маюць быць стандартнымі, не зважаючы на месца іх заключэньня.

У сваю чаргу, шэраг чыньнікаў сьведчыць пра тое, што МСП маюць большы ўплыў у пэрыфэрыйных рэгіёнах і пэрыфэрыйных краінах Эўразьвязу.[10] Іх роля падвышаецца праз спрыяньне структурным зьменам, занятасьці і інавацыям. Гэтаксама яны адлюстроўваюць патэнцыял разьвіцьця і дынаміку рэгіёну.[11] Вось чаму МСП адыграюць істотную ролю ў прыстасаваньні рэгіёнаў да дзейнасьці ў Эўрапейскім Валютным Зьвязе. Насамрэч, значныя трансфармацыі ў сфэрах транспарту, камунікацыяў і інфармацыйных тэхналёгіяў суправаджаюцца доўгатэрміновымі структурнымі зьменамі і спрычыняюцца да істотнай прасторавай рэарганізацыі дзейнасьці. Гэта можа быць асабліва эфэктыўным у рэгіянальным кантэксьце на першаснай ступені інтэграцыі новых чальцоў ЭЗ. У такой сытуацыі бізнэс-сыстэмы МСП могуць стаць рэальнай альтэрнатывай “традыцыйным” эканамічным сыстэмам ня толькі ў гарадох, але і ў сельскай мясцовасьці, прапануючы рашэньні ў разьвязаньні праблемы доўгатэрміновай устойлівасьці эканамічнага разьвіцьця.

Д. Падсумаваньне

Ва ўмовах Эўрапейскага Валютнага Зьвязу назіраецца тэндэнцыя рэгіяналізацыі, калі людзі і іх дзейнасьць моцна зьвязана зь іх лякальным асяродзьдзем.

Рэгіён мусіць быць канкурэнтназдольным і гатовым да трансфармацыяў ва ўмовах Эўрапейскага Валютнага Зьвязу. Дзеля гэтага рэгіён мусіць валодаць сучаснай інфраструктурай і кваліфікаванай рабочай сілай. У адваротным выпадку рэгіён згубіць сваю прывабнасьць для інвэстараў а, праз гэта, і ўласныя пазыцыі на рынку. Пры гэтым, вельмі істотным ёсьць факт, што значная частка рэгіёнаў ужо на стартавым этапе ў той ці іншай ступені валодае адпаведнымі кадрамі і інфраструктурай, што мусяць складаць базу для трансфармацыяў.

Кірыл Касьцян

 

Спасылкі:

[1]. Möller, J. (2002). Regional- und Stadtökonomik. S.1. Гл.: [1].

[2]. Падрабязна дынаміку экспарту Фінляндыі глядзіце: [2].

[3]. Crawford, M. (1996): One Money for Europe? The Economics and Politics of EMU, London: Macmillan, p.312.

[4]. Padula, G. (1998): The Euro Age – [4], last visited: Jan. 18, 2006.

[5]. Ovaskainen, M. (1998): Prospects of Finnish Regional Development under EMU and Deepening Integration. Paper presented at the 38th Congress of the European Regional Science Association, 28 August – 1 September, Vienna, Austria ([5]), p.4.

[6]. Ionescu, C. (2005): Small and Medium Entreprises in the Context of Regional Development. Paper presented at the 18th European Advanced Studies Institute in Regional Studies, Łódź – Kraków 2005. ([6]), p.1.

[7]. Дэфініцыя дадзеная ў Загалоўку І артыкулу 2 Дадатку да Рэкамэндацыі Эўрапейскай Камісіі 2003/361/EC ад 6 траўня 2003. Гл. OJ L 124, 20/05/2003 P.36–41.

[8]. Гл. [8].

[9]. Mongelli, F. P., Vega J.L. (2006): What Effects is EMU Having on the Euro Area and Its Member Countries? An Overview Working European Central Bank Paper Series No. 599.([9]), p.18.

[10]. Crawford, M. (1996). p.314.

[11]. Ovaskainen, M. (1998), p.4.

Ключавыя словы: EMU, SME, малы бізнэс, Мittelstand, Еўрапейскі Саюз, Эўрапейскі Зьвяз, Валютны Зьвяз, Рэгіён, палітыка, інтэграцыя, структурны фактар, эканоміка
 

 

 

 

 Цалкам зьмест эканоміка

2013-06-14

Дэвід Марплз: Расія не пагражае незалежнасці Беларусі, а абмяжоўвае яе выбар

7 чэрвеня 2013 г. ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя амбасадара Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, падчас якой ён закрануў шэраг важных пытанняў адносінаў паміж дзвюма краінамі. Сурыкаў пацвердзіў, што афіцыйны Мінск звярнуўся да Крамлю з просьбай аказаць фінансавую падтрымку ў мадэрнізацыі прамысловага комплексу Беларусі. Паводле словаў Сурыкава, Расея гатовая аказаць такую падтрымку, але толькі ў выпадку, калі гэтыя прамысловыя аб’екты стануць асновай для стварэння сумеснага бізнесу. “Мы лічым, што павінны падтрымаць мадэрнізацыю тых праектаў, якія будуць развівацца як сумесны бізнес, якія прынясуць паляпшэнні і для беларускага, і для расійскага чалавека. А такое вось, проста, дайце нам на мадэрнізацыю, каб ўмоўна беларуская фабрыка была больш канкурэнтная, чым расійская – хто ж калі даваў грошы на вырошчванне канкурэнтаў?”, - заявіў Сурыкаў.  Прафесар Дэвід Марплз дзеліцца сваім бачаннем перспектываў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эканамічнай сферы.

больш дэталяў

 

2011-05-26

Ці патрэбная Беларуская АЭС? - інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам

Аляксандр Мілінкевіч адказвае на пытанні аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі, а таксама аб ягоных наступствах на ўнутраную сітуацыю ў краіне і на адносіны з суседзямі.

больш дэталяў

 

2008-08-04

Рэгіянальная адчувальнасьць ў Эўрапейскім Валютным Зьвязе

Сучасная эканоміка знаходзіцца пад уплывам ґлябалізацыйных тэндэнцыяў. Аднак, пры гэтым вельмі выразна бачная супрацьлеглая тэндэнцыя рэгіяналізацыі, што характарызуецца зьмяншэньнем дамінаваньня дзяржавы і павелічэньнем ролі рэгіёнаў. З разьвіцьцём эўрапейскай інтэграцыі шматлікія рэгіёны, што былі арэнамі спрэчак і канфліктаў, ператварыліся ў такія, што ёсьць цэнтрамі для разьвіцьця і супрацы.

больш дэталяў

 

2007-05-27

Эканоміка Кыргызстану праз год пасьля “рэвалюцыі туліпанаў”

Кіргіская “рэвалюцыі туліпанаў” была сустрэтая ў суседнім Казахстане зь вялікай занепакоенасьцю, а ў абыватэля і з “ціхім жахам”. Тым ня менш, ёсьць сэнс ацаніць сытуацыю ў Кыргызстане больш цьвяроза. Аналіз паказвае, што нягледзячы на сур’ёзныя рызыкі, зьвязаныя з “рэвалюцыйным сындромам” і апакаліптычныя прагнозы, каляпсу кіргіскай эканомікі не адбылося.

больш дэталяў

 

бібліятэка: новае

 

2017-02-15 23:57:45

Belarusian Review, Special Jewish Issue, 2016

фармат: .pdf

2015-01-20 18:10:50

Крывія, №34-35, сьнежань 2014

фармат: .pdf

 

навіны

 

2016-09-18 | Выпушчаны на волю голас франтавіка і важака камсамольцаў Беларусі

2016-05-08 | Стаўленне да Халакосту ў Савецкім Саюзе і сучаснай Беларусі

2016-03-02 | Отношение к Холокосту в Советском Союзе и современной Беларуси

2015-11-19 | Роберт Міцкевіч: польска-літоўская спрэчка карысная Расіі

падзеі

 

2016-01-03 | Вайна і Халакост: дарослы свет вачыма дзяцей

2016-01-03 | Война и Холокост: взрослый мир глазами детей

2015-05-15 | Цэнзура ў як прадмет даследавання і інструмент пазнання пасляваеннай савецкай Беларусі

2015-02-02 | Алесь Краўцэвіч: з Расеяй трэба сябраваць з-за пагранічнай агароджы

права

 

2015-03-02 | Аляксандр Осіпаў: Беларусь, Малдова і Украіна дагэтуль выкарыстоўваюць перавагі савецкай сістэмы кіравання разнастайнасцю

2013-11-19 | Закон “Аб беларусах замежжа”: адзін крок да прыняцця

2013-06-11 | Алена Макоўская: беларусы замежжа – самы моцны прыхільнік Беларусі і яе культуры

2013-06-04 | Беларусь і Летува: ў пошуках гістарычнага кампрамісу ў спадчыне ВКЛ

эканоміка

 

2013-06-14 | Дэвід Марплз: Расія не пагражае незалежнасці Беларусі, а абмяжоўвае яе выбар

2011-05-26 | Ці патрэбная Беларуская АЭС? - інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам

2008-08-04 | Рэгіянальная адчувальнасьць ў Эўрапейскім Валютным Зьвязе

2007-05-27 | Эканоміка Кыргызстану праз год пасьля “рэвалюцыі туліпанаў”

паліталёгія

 

2015-03-19 | Сяргей Далгаполаў: Збліжэнне Беларусі і ЕС ужо ажыццяўляецца ў эканамічнай сферы

2014-08-12 | Леанід Лыч: без сваёй мовы народ не стварае нічога арыгінальнага

2014-07-06 | а. Аляксандар Надсан: Беларусы павінны ісьці да Бога сваёй дарогай і на сваёй роднай мове

2013-12-26 | Беларусь і візавая лібэралізацыя

іншыя навукі

 

2015-11-23 | У пошуках беларускасці на паўднёвай Пскоўшчыне

2015-11-12 | Прастора: паміж Падляшшам і Сілезіяй

2015-06-06 | Ізноў пра Скарыну ў Падуі: прысутныя (ч.2)

2015-06-06 | Ізноў пра Скарыну ў Падуі: прысутныя

 
   The_Point © 2007-2017. Усе правы абароненыя   

 

 

 

створаны Webrycy studio