пра нас | кантакты | для аўтараў | навіны | падзеі | права | эканоміка | паліталёгія | іншыя навукі | бібліятэка | рассылка

Красавiк 26, 2017             галоўная старонка

EnglishBelorussian

пошук

 права

2013-11-19

друкаваць

Закон “Аб беларусах замежжа”: адзін крок да прыняцця

Доўгачаканы праект закону “Аб беларусах замежжа” паступіў у Палату прадстаўнікоў. Дарэчы, гэта не першы раз, калі праект закону пасля ўзгаднення паміж усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі ўстановамі фактычна дайшоў да апошняй стадыі разгляду. Такое ўжо было ў 2002 годзе. Тады праект закону меў назву “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”, але з незразумелых прычынаў прыняцце закону так і не адбылося, і ён надоўга выпаў з прыярытэтаў дзяржаўнай замежнай палітыкі.

Неабходнасць прыняцця закону Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” агучвала даўно: з 2001 года гэтае пытанне было асноўным у парадку дня працы з’ездаў беларусаў свету, што склікаюцца “Бацькаўшчынай” кожныя чатыры гады. Больш за тое, на з’ездах не толькі прымаліся звароты да Ураду з заклікам прыняць адпаведны закон, дэлегаты выходзілі з канкрэтнымі прапановамі, датычнымі зместу закону. Практычна гатовы законапраект быў накіраваны Згуртаваннем ва Урад па выніках і Чацвёртага (2005 г.), і Пятага (2009 г.) з’ездаў беларусаў свету. Гэты дакумент быў складзены з улікам меркавання дыяспары, а таксама падобнага заканадаўства іншых унітарных краінаў. “Бацькаўшчына” прапанавала назваць законапраект “Аб беларусах замежжа”.

У канцы 2009 года пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь зноў была створаная працоўная група па распрацоўцы законапраекта, у яе ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў Беларусі і грамадскіх арганізацый, што працуюць з беларускай дыяспарай, у тым ліку і “Бацькаўшчыны”. У выніку быў распрацаваны законапраект, які ўсё ж атрымаў назву “Аб беларусах замежжа”. Некалькі год законапраект вандраваў па розных дзяржаўных установах дзеля ўзгадненняў, і, адпаведна, змяняўся яго змест.

Апошнім часам над канчатковым варыянтам законапраекта перад падачай у Палату прадстаўнікоў працавала Міністэрства замежных спраў Беларусі, больш за тое, у выпадку прыняцця закону асноўная нагрузка па яго выкананні будзе класціся менавіта на гэтую дзяржаўную ўстанову. У сувязі з гэтым Згуртаванне “Бацькаўшчына” звярнулася да начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Амбразевіча Юрыя Георгіевіча па каментар адносна законапраекта і яго далейшага лёсу.

ЗБС "Бацькаўшчына"2001 г. выступае за яго прыняцце. У сувязі з гэтым дазвольце задаць Вам некалькі пытанняў.

Наколькі можна быць упэўненымі, што гэтым разам закон “Аб беларусах замежжа” ўсё ж  будзе прыняты?

Юрый Амбразевіч: Праца над законапраектам сапраўды ішла не адзін год. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы не адразу пагадзіліся з яго мэтазгоднасцю. Пасля значны час спатрэбіўся для таго, каб прыйсці да адзінага разумення ўсімі ўдзельнікамі працэсу паняццяў і прынцыпаў, якія закладваюцца ў гэты прававы акт. У выніку прадстаўлены Урадам у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь законапраект з'яўляецца досыць кампрамісным.

Аднак галоўнае — гэта агульнае разуменне патрэбнасці закону як для дзяржавы, так і для тых, каму ён адрасаваны, — для беларусаў, якія пражываюць за мяжой. І менавіта гэта дазваляе спадзявацца, што прыняцце закону адбудзецца ў найбліжэйшай перспектыве. На дадзеным этапе Урад выканаў усё, што ад яго залежыць, — вызначыўся з адзіным падыходам, скарыстаў сваё права заканадаўчай ініцыятывы. Цяпер працэс знаходзіцца ў руках парламентарыяў. Праект дакумента ўжо разгледжаны на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая падтрымала законапраект і рэкамендавала яго да разгляду ў першым чытанні.

ЗБСБ: Вы згадалі пра тое, што ўнесены ў Парламент законапраект — гэта кампраміс. Не маглі б вы дэталёва пракаментаваць сутнасць дасягнутага ва Урадзе ўзаемапаразумення па дакуменце? У чым заключалася розніца ў падыходах да тэмы адносінаў дзяржавы і беларусаў замежжа?

ЮА: Пачну з таго, што падчас распрацоўкі закону ў МЗС і ў іншых дзяржаўных установах спрабавалі адказаць на пытанне, якую пазіцыю дзяржава павінна займаць на сучасным этапе ў адносінах да замежных грамадзян: этнічных беларусаў або прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія з’яўляюцца выхадцамі з Беларусі ці іх нашчадкамі. Ужо потым паўстала пытанне, ці патрэбны гэты закон і якім ён павінен быць.

Відавочна, што Беларусь, як і любая дзяржава, зацікаўленая ў тым, каб развіваць адносіны з людзьмі, якія любяць сваю гістарычную радзіму, яе культуру, вызнаюць сябе беларусамі. Гэта спрыяе пазітыўнаму іміджу краіны ў свеце, станоўча ўплывае на ўнутранае развіццё дзяржавы і грамадства. Нашы суайчыннікі за мяжой валодаюць сур’ёзным палітычным, эканамічным, культурным патэнцыялам. Нельга казаць, што да пачатку працы над законам гэтага ў Беларусі не разумелі. Гэта не так. Дзяржава актыўна супрацоўнічала, падтрымлівала і працягвае супрацоўнічаць і падтрымліваць многіх беларусаў за мяжой. І МЗС, і Мінкульт, і Мінінфарм, і Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў самым непасрэдным чынам працуюць з беларускімі арганізацыямі ва ўсіх суседніх краінах і многіх іншых дзяржавах свету, дзе існуе арганізаваная беларуская дыяспара, уключаючы нават далёкую Аргенціну.

Усведамленне таго, што дзяржаўнай працы з беларусамі за мяжой не хапае скаардынаванасці і мэтанакіраванасці і што ўзаемадзеянне з імі магло б як прынесці большую аддачу інтарэсам краіны, так і больш актыўна спрыяць захаванню беларускай прысутнасці ў замежжы, вызначыла неабходнасць аднаўлення сістэмнага падыходу да вырашэння гэтых задач.

Дыскусія наконт таго, чым і як павінен быць вызначаны гэты падыход, праходзіла перадусім у плоскасці аб'ёму тых абавязкаў, якія дзяржава была гатовая і здольная прыняць на сябе ў дачыненні да працы з беларусамі замежжа. Нам добра вядомыя чаканні многіх замежных суайчыннікаў ад беларускай дзяржавы: бясплатныя візы, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і наогул бясплатная адукацыя. Гэта не поўны, але яскравы прыклад, які кажа сам за сябе. Маючы гэта на ўвазе, прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных устаноў, на мой погляд, цалкам справядліва падымалі пытанне аб тым, чаму беларускі бюджэт павінен ствараць для замежнікаў, нават беларусаў па крыві, якія не заплацілі ў бюджэт ні капейкі падаткаў, умовы, аналагічныя беларускім грамадзянам, якія нясуць асноўны цяжар па стварэнні сацыяльнай сферы нашай дзяржавы. Асобныя галасы нават прапаноўвалі простую формулу: «Хай плацяць падаткі ў беларускую казну і атрымліваюць і бясплатныя візы, і ўсё астатняе...» Узнікалі і іншыя пытанні. Напрыклад, «ва ўсім свеце вядома, што робіць армянская дыяспара для Рэспублікі Арменія, а што зрабілі выхадцы з Беларусі для сваёй радзімы?»

Тым не менш, важную ролю ў тым, што было прынятае рашэнне ўсё ж спыніцца на неабходнасці закону, адыграла адзінае разуменне таго, што тэма дыяспары і супрацоўніцтва з ёй, безумоўна, з'яўляецца важным палітычным фактарам. Таму ўнесены ў Парламент праект — гэта дакумент, перш за ўсё, палітычны і праграмны, закліканы закласці сістэму, якую можна будзе развіваць у будучыні ў залежнасці ад магчымасцяў і інтарэсаў дзяржавы. Гэта свайго роду палітычны сігнал як сістэме дзяржаўнага кіравання, так і беларусам замежжа. Усім вядома, што прававое рэгуляванне грамадскіх адносін шляхам прыняцця спецыяльнага закону ажыццяўляецца ў нашай краіне толькі ў выпадку, калі дзяржава разглядае гэтыя адносіны як безумоўна важныя.

ЗБСБ: На Шостым з’ездзе беларусаў свету, які ў ліпені гэтага года зладзіла Згуртаванне “Бацькаўшчына”, паўставаў шэраг пытанняў, звязаных з законапраектам. Удзельнікі з’езду лічаць важнай задачай заканадаўчае замацаванне статусу “беларус замежжа”. Хто такі беларус замежжа: той, хто прызнае сябе такім, той, хто мае тут карані, той, хто размаўляе па-беларуску і падтрымлівае беларускую культуру і г.д.? Ці не маглі б Вы акрэсліць, які прынцып будзе пакладзены ў аснову гэтага вызначэння ў законе “Аб беларусах замежжа”: культурны, этнічны ці дзяржаўны, як гэта ёсць у тым варыянце законапраекта, што пайшоў у Палату прадстаўнікоў? Якія асноўныя правы для замежных беларусаў ён прадугледжвае?

ЮА: Законапраект прапануе вызначыць паняцце беларусаў замежжа. У першым артыкуле беларусы замежжа вызначаюцца як «этнічныя беларусы, выхадцы з Рэспублікі Беларусь, і асобы, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь».

Больш дэталёва гэтае паняцце раскрываецца ў законе наступным чынам:

1. грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь;

2. замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і самі або іх продкі па прамой узыходнай лініі нарадзіліся або пражывалі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь;

3. замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і ідэнтыфікуюць сябе як беларусы з пункту гледжання этнічнай прыналежнасці да беларускага народу або мовы, культуры, гістарычных сувязей, ведання і захавання беларускіх традыцый і звычаяў.

Прызнанне сваёй прыналежнасці да беларусаў замежжа ў адпаведнасці з абзацамі другім і трэцім, што я акрэсліў, з’яўляецца актам іх самаідэнтыфікацыі, падмацаваным грамадскай або прафесійнай дзейнасцю па захаванні беларускай мовы, развіцці беларускай культуры за мяжой, умацаванні сяброўскіх адносін дзяржаў грамадзянскай прыналежнасці або сталага месца жыхарства беларусаў замежжа з Рэспублікай Беларусь і іншымі пацверджаннямі добраахвотнага выбару на карысць духоўнай і культурнай сувязі з беларускай дзяржавай.

У канцэпцыі, якую падтрымлівае МЗС, выключаныя ўсе магчымыя размежаванні, у тым ліку і па этнічнай прыналежнасці. Яшчэ раз падкрэслю, беларус ты ці не — гэта пытанне самаідэнтыфікацыі. Галоўнае, каб чалавек сапраўды адчуваў сябе такім, дэманстраваў сваю зацікаўленасць да нашай краіны практычнымі дзеяннямі, пацвярджаў свой добраахвотны выбар на карысць беларускай культуры, развіцця канструктыўных стасункаў з беларускай дзяржавай.

Гаворка пра тое, каб гэтым асобам, якія дэ-факта і дэ-юрэ з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі, даць нейкія спецыяльныя правы, на дадзеным этапе не ідзе. У законе, аднак, закладзеныя нормы, якія могуць быць выкарыстаныя для гэтых мэтаў у будучыні.

Ваша пытанне аб статусе беларуса замежжа прымушае мяне ў сваю чаргу спытаць Вас як прадстаўніка грамадскай арганізацыі, якая аб'ядноўвае беларусаў замежжа, якая адстойвае іх інтарэсы, — а якія абавязкі вы бачыце для гэтай катэгорыі асоб у дачыненні да іх гістарычнай радзімы?

Хачу коратка адказаць на яго сам з пункту гледжання чаканняў дзяржавы. Не буду ўтойваць, што мы хацелі б бачыць з боку беларусаў замежжа значна большую актыўнасць у рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку інвестыцыйных, якія ўносяць значны ўклад у развіццё сучаснай Беларусі. Магчыма, што дзейсны вынік такіх сумесных праектаў дазволіць дзяржаве змяніць свае падыходы да статусу беларусаў замежжа.

ЗБСБ: Паводле СМІ, канцэпцыя законапраекта была перададзеная для абмеркавання некаторым беларускім арганізацыям у Латвіі, Літве, Расіі, Украіне і Польшчы. Пра іх водгукі ішла гаворка і на круглым стале, праведзеным МЗС сёлета ў траўні. Скажыце, калі ласка, ці вяліся нейкія перамовы, ці былі кантакты і з беларусамі далёкага замежжа, а не толькі краін-суседзяў? Ці ёсць нейкія грунтоўныя адрозненні ў тым, як бачаць гэты закон першыя і другія?

ЮА: Абмеркаванне праекта адбылося не толькі з беларускімі арганізацыямі ў Латвіі, Літве, Расіі, Украіне і Польшчы, але і з прадстаўнікамі беларусаў з Ізраілю. Грунтоўная дыскусія, падчас якой закраналася і пытанне распрацоўкі закону, адбылася ў мяне ў Нью-Ёрку ў маі 2013 года з асобнымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША, тымі, хто быў гатовы прыйсці на сустрэчу.

Хачу адзначыць, што пры вызначэнні спіса краін, з прадстаўнікамі якіх мы абмяркоўвалі законапраект, мы кіраваліся крытэрыем колькасці беларусаў замежжа ў гэтых краінах. Вельмі складана, я б сказаў, практычна немагчыма з арганізацыйнага пункта гледжання абмеркаваць закон з 220 суполкамі беларусаў, якія нам вядомыя. Дзякуючы нашым кантактам з беларусамі замежжа праз беларускія дыпламатычныя ўстановы ва ўсім свеце мы мелі дастаткова інфармацыі пра тое, што беларуская дыяспара хацела б бачыць у гэтым дакуменце.

У дачыненні да таго, ці ёсць розніца ў падыходах да законапраекта з боку беларусаў блізкага і далёкага замежжа, адкажу так: працуючы над законапраектам, МЗС не адчула такога падзелу ў залежнасці ад геаграфіі. Але агулам можна вылучыць два прынцыповыя адрозненні ў стаўленні беларусаў замежжа да патэнцыйнай падтрымкі беларускай дзяржавы. Адна частка беларускіх арганізацый ужо цяпер робіць шмат карыснага і цікавага, перш за ўсё ў сферы захавання беларускай культуры, мовы, традыцый. Яны, як правіла, зыходзяць з рэальных умоў, падтрымліваюць добрыя працоўныя кантакты з прадстаўнікамі дзяржавы і беларускага грамадства. Дзяржава са свайго боку аказвае ім тую падтрымку, на якую цяпер здольная. Гаворка ідзе пра нацыянальныя строі, музычныя інструменты, падручнікі, культурны абмен, гастролі тэатраў і гэтак далей. Такія людзі і арганізацыі заўсёды знойдуць паразуменне і падтрымку з боку, напрыклад, беларускіх консульскіх устаноў пры вырашэнні візавых пытанняў, па іншых магчымых праблемах. Вядома, што гэта адбываецца ў рамках дзейнага заканадаўства.

На жаль, пэўная частка нашых суайчыннікаў за мяжой «загінае пальцы»: дайце нам гэта, дайце нам тое, і толькі тады мы, як яны кажуць, будзем адчуваць сябе шчырымі беларусамі і будзем нешта рабіць на карысць радзімы. Такая пазіцыя, мяркуем, не прывядзе да паспяховага супрацоўніцтва. Такіх людзей і арганізацыі мы не падтрымліваем. Любое дзяржаўнае садзейнічанне мае канчатковую мэту, і ў дадзеным выпадку мы гаворым пра тое, што падтрымка накіраваная на стварэнне кола сяброў, якія шчыра і добраахвотна імкнуцца са свайго боку падтрымліваць цесную сувязь з беларускай дзяржавай. Супрацоўніцтва па азначэнні — гэта вуліца з двухбаковым рухам. У гэтым сэнсе ўсе дзяржавы свету дзейнічаюць аднолькава.

ЗБСБ: Як было раней агучана, мяркуецца, што закон будзе насіць рамачны характар. Ці будзе весціся праца над падзаконнымі актамі, якія б мелі непасрэднае ўздзеянне? Магчыма, ужо ёсць канкрэтнае бачанне, што гэта будуць за прававыя дакументы, на што яны будуць накіраваныя?

ЮА: Упэўнены, што абсалютная большасць беларусаў замежжа пазітыўна ацэніць факт прыняцця закону, нават калі ён будзе і не ў поўнай меры адказваць на ўсе іх практычныя пытанні. Закон у любым выпадку стане вялікім крокам наперад, які дэманструе, што дзяржава не адварочваецца ад суайчыннікаў за мяжой, а, наадварот, працягвае руку ўсім тым, хто зацікаўлены ў сумесным збліжэнні, сумеснай працы на канструктыўнай аснове. Для Беларусі гэты закон — першы досвед, які трэба развіваць.

Немагчыма ў закон, які прымаецца на доўгія гады, унесці ўсё тое, што цяпер з’яўляецца вельмі актуальным, а праз год або два можа страціць сэнс. Таму гэты закон будзе падмуркам для далейшага будаўніцтва адносін паміж Беларуссю і беларусамі замежжа.

Гэты закон вызначае катэгорыі асоб, якія адносяцца да беларусаў замежжа, устанаўлівае мэты, прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у галіне стасункаў з беларусамі замежжа, а таксама віды і формы дзяржаўнай падтрымкі, што аказваецца беларусам замежжа ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

Дакумент павінен выбудаваць дакладную нацыянальную сістэму ўстаноў, адказных за ўзаемадзеянне з суайчыннікамі за мяжой, удакладніць іх кампетэнцыю, механізмы ўзаемасувязяў і каардынацыі. Менавіта гэты сэнс мы ўкладаем, калі гаворым пра рамачны характар законапраекта.

Але праца з беларусамі замежжа праводзілася дзяржавай і раней, па запытах беларускіх суполак друкаваліся кнігі, накіроўваліся нацыянальныя строі, музычныя інструменты, аказвалася дапамога ва ўдзеле ў беларускіх фестывалях і гэтак далей. Я б сказаў, што тры кіты, на якіх трымалася асноўная праца з беларусамі замежжа, працягнуць гэта рабіць і надалей: гэта МЗС, Міністэрства культуры і Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Вочы і рукі МЗС — гэта нашы дыпламатычныя ўстановы, якія на месцах ажыццяўляюць непасрэднае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, менавіта праз іх мы ў большасці выпадкаў даведваемся, як жыве наша суполка за мяжой. Добрую працу ажыццяўляе Інстытут культуры Беларусі і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Гэтыя ўстановы, як плануецца, застануцца навуковымі пляцоўкамі супрацоўніцтва з беларусамі замежжа.

Наконт практычных крокаў дзяржавы па задавальненні запытаў нашых суполак за мяжой на цяперашні час можам гаварыць аб праекце Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў свеце” на 2013-2015 гады, якая цяпер разглядаецца Урадам, адказны выканаўца — Міністэрства культуры. Ужо працуе Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады, а таксама Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2011-2015 гады, адказны выканаўца — Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Для выкладчыкаў беларускіх школ і нядзельных класаў на базе дзяржаўнай установы “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”, якая належыць Міністэрству адукацыі, сістэматычна арганізуюцца курсы павышэння кваліфікацыі.

Калі будзе прыняты закон, будуць праходзіць пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, на якіх будуць разглядацца пытанні, чаго яшчэ, магчыма, не хапае нашаму супрацоўніцтву з беларусамі замежжа.

ЗБСБ: Яшчэ адна з праблемаў, якія хвалявалі гасцей і дэлегатаў з’езду, — гэта праблема наведванняў радзімы. Многія адзначалі, што атрымаць візу часта бывае праблематычна, ды і нятанна, а калі візу і выдаюць, то гэты працэс бывае складаным і працэдурна, і псіхалагічна. І патрабаванні да беларусаў замежжа нічым не адрозніваюцца ад патрабаванняў да іншых замежнікаў. Як Вы лічыце, прыняцце закону спросціць гэтую працэдуру для беларусаў замежжа? Ці гэта якраз задача падзаконных актаў?

ЮА: Праблема, якую вы акрэслілі, датычыцца толькі нашых суайчыннікаў, якія пражываюць не на прасторы СНД і не ў краінах, з якімі ў нас ужо існуе адпаведная дамоўленасць аб бязвізавым перамяшчэнні пры наяўнасці сапраўднага пашпарта або іншага дакумента, прадугледжанага нацыянальным заканадаўствам замежнай дзяржавы.

Хачу адзначыць, што дзейны ў цяперашні час парадак атрымання беларускіх віз максімальна спрошчаны. Для афармлення візы тэрмінам знаходжання да 30 дзён патрабуецца толькі заплаціць консульскі збор, запоўніць візавую анкету і падаць яе разам з пашпартам у дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь за мяжой. Асабістая падача дакументаў таксама не абавязкова, іх можна перадаць па пошце, праз візавыя агенцтвы або з пасыльным.

Для адкрыцця візы на больш працяглы тэрмін патрабуецца дакументальнае пацверджанне неабходнасці знаходжання ў Беларусі (запрашэнне фізічнай асобы, хадайніцтва юрыдычнай асобы і г.д.). Але і ў гэтым выпадку атрымаць беларускую візу нашмат прасцей, чым беларусу шэнгенскую або амерыканскую.

Вы кажаце пра тое, што беларуская віза каштуе дорага. Хачу зазначыць, што кошт беларускай візы павінен пакрываць выдаткі па забеспячэнні дзейнасці нашых замежных устаноў, што ўключае арэнду офісаў, функцыянаванне спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы і іншае.

Скаргі на высокі кошт беларускіх візаў, асабліва для грамадзян багатых заходніх краінаў, выглядаюць некалькі дзіўна на фоне таго, што для грамадзян ЗША, якія едуць у Беларусь, і грамадзян Беларусі, якія накіроўваюцца ў ЗША, кошт простай аднаразовай візы аднолькавы. Ідэнтычная сітуацыя і ў дачыненні да грамадзян дзяржаў Еўрасаюза. Больш за тое, заканадаўствам прадугледжаная магчымасць адмены платы за візу па рашэнні кіраўніка беларускага пасольства або консульства, у тым ліку з гуманітарных меркаванняў.

Што датычыцца складанасцяў працэдуры, намі створаныя камфортныя ўмовы для атрымання поўнай інфармацыі аб патрабаваннях да выдачы беларускай візы, якая размяшчаецца ў інтэрнэце на мове краіны знаходжання консульскай установы. Вусныя кансультацыі можна заўсёды атрымаць наўпрост, патэлефанаваўшы ў нашу консульскую службу ў пэўнай краіне або ў МЗС Беларусі.

Не хацелася б палемізаваць з вамі пра псіхалагічныя цяжкасці, якія ўзнікаюць пры атрыманні беларускай візы замежнікамі. Адзначу толькі, што не пазайздрошчу таму беларускаму консулу, у дачыненні да якога замежны грамадзянін напіша афіцыйную скаргу на нейкія неадэкватныя дзеянні. Да гонару МЗС у адрас нашых консульскіх супрацоўнікаў штогод прыходзіць шмат падзяк, у той час як скаргаў — адзінкі. Улічваючы ўсё гэта, праект закону не прадугледжвае нормаў прамога дзеяння, што датычыцца парадку перасячэння дзяржаўнай мяжы. Аднак магчымасць рэалізацыі такога падыходу не выключаецца ў прынцыпе.

ЗБСБ: Дэлегаты Шостага з’езду закранулі таксама праблему вяртання беларусаў на гістарычную радзіму. Было адзначана, што многія з іх хочуць вярнуцца ў Беларусь, а некаторыя нават хочуць выступіць у якасці інвестараў, атрымаўшы беларускае грамадзянства. Для гэтага патрэбная максімальна спрошчаная працэдура атрымання беларускага грамадзянства, а таксама “стартавая” падтрымка для такіх асобаў. Скажыце, ці прадугледжвае адказы на гэтыя пытанні законапраект?

ЮА: У рамках дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь для нашых суайчыннікаў існуе рэальная магчымасць вяртання на гістарычную радзіму, у тым ліку і ў якасці інвестараў.

Так, у адпаведнасці з артыкулам 53 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” дазвол на пастаяннае пражыванне выдаецца замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія:

— “з'яўляюцца этнічнымі беларусамі або іх кроўнымі сваякамі па прамой сыходнай лініі: дзецьмі, унукамі, праўнукамі, якія нарадзіліся за межамі сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”;

— “з'яўляюцца замежнымі інвестарамі, якія ўклалі інвестыцыі ў памеры не менш як сто пяцьдзесят тысяч еўра ў аб'екты інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атрыманне беларускага грамадзянства не патрабуецца”.

Што тычыцца магчымасці атрымання этнічнымі беларусамі беларускага грамадзянства ў спрошчаным парадку, то Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” такая магчымасць ужо прадугледжаная.

ЗБСБ: Не сакрэт, што многія беларусы замежжа маюць 2 пашпарты, пры гэтым падвойнае грамадзянства не прызнаецца Беларуссю. Ці не маглі б Вы акрэсліць, як дзяржава ставіцца да наяўнасці гэтых 2 пашпартоў? І ці адлюстраванае гэта неяк у законапраекце?

ЮА: Адказ на гэта “складанае” пытанне ўжо прадугледжаны беларускім заканадаўствам. У адпаведнасці з артыкулам 11 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь” за асобай, якая з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць таксама іншае грамадзянства, не могуць на гэтай падставе быць абмежаваныя ў правах, вызваляцца ад адказнасці ці ўхіляцца ад выканання абавязкаў, што вынікаюць з грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Кажучы прасцей, асоба, якая мае, напрыклад, у дадатак да беларускага грамадзянства яшчэ і канадскае ці бразільскае, павінна ўязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выключна па беларускім пашпарце.

ЗБСБ: Юрый Георгіевіч, пры канцы нашай сустрэчы што Вы хацелі б дадаць да сваіх слоў?

ЮА: Хачу запэўніць, што з боку МЗС і беларускіх дыппрадстаўніцтваў беларусы замежжа заўсёды знойдуць паразуменне і адпаведнае садзейнічанне.

ЗБСБ: Вялікі дзякуй за гутарку!

Матэрыял падрыхтаваны Інфармацыйным цэнтрам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Ключавыя словы: МГА ЗБС "Бацькаўшчына", беларусы замежжа, беларуская дыяспара, беларускія меншасці ў замежжы, палітыка ў адносінах да суайчыннікаў, закон аб беларусах замежжа
 

 

 

 

 Цалкам зьмест права

2015-03-02

Аляксандр Осіпаў: Беларусь, Малдова і Украіна дагэтуль выкарыстоўваюць перавагі савецкай сістэмы кіравання разнастайнасцю

Праграма Усходняга Партнёрства ЕЦСМ ёсць трохгадовым праектам, які распачаўся ў 2014 г. і ахоплівае тры краіны – Беларусь, Малдову і Украіну. Праграма ставіць перад сабою амбітныя мэты: задзіночыць органы дзяржаўнай улады, навуковыя колы, а таксама нацыянальныя меншасці і грамадскія арганізацыі дзеля таго, каб наладзіць паміж імі кантакты і даць магчымасць абмяняцца карысным досведам. У сваім інтэрв'ю для часопісу Belarusian Review др. Аляксандр Осіпаў, навуковы кіраўнік праекту і старшы навуковы супрацоўнік ЕЦСМ, прадстаўляе гэтую ініцыятыву.

больш дэталяў

 

2013-11-19

Закон “Аб беларусах замежжа”: адзін крок да прыняцця

Доўгачаканы праект закону “Аб беларусах замежжа” паступіў у Палату прадстаўнікоў. Дарэчы, гэта не першы раз, калі праект закону пасля ўзгаднення паміж усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі ўстановамі фактычна дайшоў да апошняй стадыі разгляду. Такое ўжо было ў 2002 годзе. Тады праект закону меў назву “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”, але з незразумелых прычынаў прыняцце закону так і не адбылося, і ён надоўга выпаў з прыярытэтаў дзяржаўнай замежнай палітыкі. Неабходнасць прыняцця закону Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” агучвала даўно: з 2001 года гэтае пытанне было асноўным у парадку дня працы з’ездаў беларусаў свету, што склікаюцца “Бацькаўшчынай” кожныя чатыры гады. Больш за тое, на з’ездах не толькі прымаліся звароты да Ураду з заклікам прыняць адпаведны закон, дэлегаты выходзілі з канкрэтнымі прапановамі, датычнымі зместу закону. Практычна гатовы законапраект быў накіраваны Згуртаваннем ва Урад па выніках і Чацвёртага (2005 г.), і Пятага (2009 г.) з’ездаў беларусаў свету. Гэты дакумент быў складзены з улікам меркавання дыяспары, а таксама падобнага заканадаўства іншых унітарных краінаў. “Бацькаўшчына” прапанавала назваць законапраект “Аб беларусах замежжа”.

больш дэталяў

 

2013-06-11

Алена Макоўская: беларусы замежжа – самы моцны прыхільнік Беларусі і яе культуры

Міністэрства замежных справаў Беларусі займаецца распрацоўкай праекту закону “Аб беларусах Замежжа”. Закон мае мець рамкавы характар і быць накіраваным на гарманізацыю беларускага заканадаўства ў сферы супрацы з беларусамі замежжа. Алена Макоўская, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” дае сваю ацэнку неабходнасці новага закону “Аб беларусах замежжа” і ягоных перспектываў для беларускіх меншасцяў і дыяспараў у свеце.

больш дэталяў

 

2013-06-04

Беларусь і Летува: ў пошуках гістарычнага кампрамісу ў спадчыне ВКЛ

У сваім нядаўнім інтэрв’ю беларускі гісторык др. Алесь Краўцэвіч разважаў пра выкарыстанне тэрмінаў Летува і летувіс(ы) датычна сённяшняй нацыянальнай дзяржавы гэтага балцкага народу. Ён адзначыў, што ў такі спосаб ён аддзяляе “гістарычную Літву ад сучаснай Летувы”, бо “з этнічнага пункту гледжаньня гэта было абсалютна іншае ўтварэнне, чым сучасная Летува”. Краўцэвіч падкрэслівае, што выкарыстанне двух тэрмінаў не нясе аніякай негатыўнай канатацыі і ёсць “тэхнічным пытаннем, каб аддзяліць” і падаць аб’ектыўнейшую карціну тагачаснай гісторыі.

больш дэталяў

 

2013-01-03

Прозвішчы прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў у Летуве: ці існуе праблема?

Праблема напісання прозвішчаў асобаў нятытульнай нацыянальнасці ў Летуве, напрацягу доўгага часу застаецца прадметам гарачых дыскусіяў у краіне, а таксама ў пэўнай ступені ўплывае на міжнародныя стасункі паўночна-заходняй суседкі Беларусі.

больш дэталяў

 

2012-08-31

Марыя Міхалкава: уся наша дзейнасць мусіць служыць захаванню мовы!

Лужыцкія сербы з'яўляюцца найменшым з славянскіх народаў і адной з чатырох нацыянальных меншасцяў Нямеччыны, а рэгіён Лужыцы, дзе яны кампактна пражываюць, – падзелены паміж дзюма федэральнымі землямі – Брандэнбургам і Саксоніяй. У сваім эксклюзіўным інтэрв’ю для The_Point Journal/Belarusian Review нямецкі палітык сербалужыцкай нацыянальнасці і дэпутат Бундэстагу ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу Марыя Міхалкава распавядае пра цяперашнюю сітуацыю лужыцкіх сербаў у Нямеччыне, іх культуру і мовы. Гэтае інтэрв’ю адрасаванае найперш беларускай аўдыторыі і мае на мэце пазнаёміць беларускага чытача з жыццём лужыцкіх сербаў. Улічваючы фактычную асутнасць сарабістыкі ў Беларусі, мы спадзяемся, што інтэрв’ю будзе для беларускай аўдыторыі  цікавым і інфарматыўным.

больш дэталяў

 

2012-05-10

Вальдэмар Тамашэўскі: Разам у абароне агульных правоў

Беларусы ёсць трэцяй паводле колькасці нацыянальнай меншасцю ў Летуве і складаюць 1,1% ад насельніцтва краіны. Падобна як і палякі, беларусы ў Летуве з’яўляюцца аўтахтонным насельніцтвам, што напрацягу стагоддзяў жыве на тэрыторыі Віленшчыны. Цяперашняя сітуацыя нацыянальных меншасцяў выклікае вострыя дэбаты ў летувіскім грамадстве. “Belarusian Review” звярнуўся да дэпутата Еўрапейскага Парламенту, старшыні Выбарчай акцыі палякаў Летувы Вальдэмара Тамашэўскага з просьбай аб ацэнцы цяперашняй палітыкі летувіскай дзяржавы датычна нацыянальных меншасцяў, ступені супрацы паміж нацыянальнымі меншасцямі і сітуацыі беларускай меншасці ў Летуве.

больш дэталяў

 

2012-05-10

Waldemar Tomaszewski: Razem w obronie wspólnych praw

Białorusini są trzecią co do liczebności mniejszością narodową na Litwie, gdzie stanowią ok. 1,1% ludności kraju. Białorusini, podobnie jak i Polacy, na Litwie są ludnością autochtoniczną, od stuleci zamieszkują tereny Wileńszczyzny. Obecna sytuacja mniejszości narodowych powoduje ostrą debatę w społeczeństwie litewskim.Belarusian Review zwróciło sie do litewskiego europosła Waldemara Tomaszewskiego z ramienia Akcji Wyborczej Polaków na Litwie z prośbą o ocenę obecnej polityki państwa litewskiego wobec mniejszości narodowych, poziomu współpracy między mniejszościami w tym kraju oraz sytuacji mniejszości białoruskiej na Litwie.

больш дэталяў

 

2012-04-30

Барыс Цылевіч: Жадаю, каб беларусы захавалі сваю разнастайнасць, якая дазваляе ім разумець як захад, так і ўсход

Асоба Барыса Цылевіча не патрабуе дадатковага прадстаўлення калі справа тычыцца правоў нацыянальных меншасцяў. Ад 1998 году ён з’яўляецца дэпутатам Сэйму Латвіі, а ад 1998 – актыўны чалец Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы (ПАСЕ). Барыс Цылевіч быў абраны першым старшынём новастворанага Падкамітэту ПАСЕ па правах меншасцяў (2005-2007). У сваім эксклюзіўным інтэрв'ю для Belarusian Review Барыс Цылевіч дае сваю ацэнку сітуацыі з нацыянальнымі меншасцямі ў Беларусі, выказвае меркаванне, якія заканадаўчыя практыкі Савета Еўропы можна было б увесці ў беларускае заканадаўства, а таксама апісвае сітуацыю нацыянальных меншасцяў у Латвіі.

больш дэталяў

 

2012-01-04

БССР: ад геаграфічна-адміністрацыйнай фармацыі да беларускай нацыянальнай адзінкі

Аналіз зьместу канстытуцыйных актаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі паказвае разьвіцьцё ўсяе савецкае сыстэмы. Нягледзячы на сваю заідэлягізаванасьць, канстытуцыйныя акты БССР зьмяшчаюць сваё трактаваньне гістарычнага шляху беларускага народу і беларускай дзяржаўнасьці. А ўлічваючы той факт, што менавіта з БССР, што існавала на беларускіх землях у розных межах каля 70 гадоў, нарадзілася сучасная беларуская дзяржаўнасьць, канстытуцыйныя акты гэтай дзяржаўнай фармацыі патрабуюць належнай увагі.

больш дэталяў

 

2011-12-13

Нацыя і дзяржаўнасьць у канстытуцыйных актах Беларускай Народнай Рэспублікі

Спробы беларусаў збудаваць сваю нацыянальную дзяржаву адразу пасьля Першай усясьветнай вайны аказаліся няўдалымі. Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала менш за год, а яе ўрад у выніку неспрыяльных для свайго існаваньня ваенна-палітычных абставінаў апынуўся ў выгнаньні. Нядоўгі час існаваньня БНР не азначае, што яе праўную спадчыну можна ігнараваць. Сапраўды, у кантэксьце канстытуцыйных актаў БНР прадстаўленая толькі трыма ўстаўнымі граматамі, аднак ужо іхны аналіз дазваляе знайсьці шэраг элемэнтаў, якія акрэсьліваюць палітычныя погляды ўраду гэтай дзяржаўнага ўтварэньня на народ, нацыю і дзяржаўнасьць.

больш дэталяў

 

2011-08-24

Расійская імперская палітыка ў хакеі

Скандал наконт транслітэрацыі прозвішчаў вакол вядомай зоркі расійскага хакею Аляксея Кавалёва, што перайшоў з клубу НХЛ “Пітсбург Пінгвінз” ў клуб КХЛ “Атлант” (Мыцішчы), паставіў шмат пытанняў наконт дыскрымінацыйнай палітыкі, якая выкарыстоўваецца расійскім кіраўніцтвам  КХЛ. Кавалёў паспяхова апратэставаў правілы КХЛ, якія вымагалі напісання ягонага прозвішча лацінскімі літарамі не іначай як “Kovalyov” (ён настойваў, што адзіным слушным спосабам напісання ягонага прозвішча ёсць “Kovalev”).

больш дэталяў

 

2011-08-06

Рэтраспектыва: Летува – Беларусь: да пытання аб тэрыторыях

У гэтым годзе даволі шырока адзначалася 80-годдзе апошняга кіраўніка Савецкага Саюзу Міхаіла Гарбачова. На гэтым тле святкаванняў шматлікія спрэчныя рашэнні і памылкі, зробленыя Гарбачовым, засталіся нібы зарэтушаванымі, а падзеі, што адбываліся ў канцы ягонага кіравання, дагэтуль трактуюцца па-рознаму ў розных сталіцах на пост-савецкай прасторы і зазвычай з’яўляюцца перашкодай для наладжвання двух- і шматбаковых адносінаў у рэгіёне. Як вядома, 29 сакавіка 1990 году кіраўніцтва БССР выступіла з тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да Летувы і гэтая заява магла справакаваць узброены тэрытарыяльны канфлікт паміж краінамі. Хоць гэтага і не адбылося, сам факт такой заявы варты дэталёвага разгляду, каб зразумець ягоную сутнасць. Тут мы друкуем пераклад інтэрвію прафесара доктара Язэпа Аляксандравіча Юхо для газеты “Сельская жизнь” ад 23 жніўня 1990 году, дзе ён тлумачыць падставы для такіх заяваў кіраўніцтва БССР.

больш дэталяў

 

2010-07-13

Лёс ізаляваных меншасьцяў: Лужыца - Падляшша

Лужыца месьціцца ў паўдзённа-ўсходнім куце Нямеччыны і ёсьць месцам, дзе зыходзяцца дзьве вялікія плыні эўрапейскай цывілізацыі – германская і славянская. Жыцьцё на памежжы – на ростанях – вельмі моцна адбілася на гістарычным лёсе тамтэйшага аўтахтоннага народу – лужыцкіх сэрбаў (таксама вядомых пад назвамі сорбы ці лужычане). Апынуўшыся на заходнім ускрайку славянства, яны так і не змаглі дамагчыся незалежнасьці ці якой-кольвек палітычнай аўтаноміі. Сёньня лужыцкіх сэрбаў, народу з амаль 500-гадовай літаратурнай традыцыяй, засталося толькі каля 50 тысячаў. І гэты малы аскепак калісьці вялікага народу можа цалкам анямечыцца на працягу колькіх наступных пакаленьняў. Бачачы гэта, міжволі пранікаешся думкай, што такі самы лёс мог бы напаткаць і беларусаў. Тут сапраўды пачынаеш разумеець, наколькі дзеля захаваньня народу важная ня толькі нацыянальная ідэнтычнасьць улучна з мовай, але магчымасьць разьвівацца ў межах нацыянальнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

больш дэталяў

 

2009-09-06

Вільня - дзукійская правінцыя?

Практычна кожная краіна складаецца з пэўнай колькасьці рэгіёнаў, існаваньне якіх абумоўленае гістарычна. Ня ёсьць выняткам і Летува, што падзяляецца на пяць этнаграфічных рэгіёнаў: Аўкштота, Жамойць (Жмудзь), Малая Летува, Сувальшчына (Судовія) і Дзукія (Дайнова). Пра этнаграфічныя рэгіёны Летувы цяпер можна казаць толькі ў культурніцкім кантэксьце, бо яны ня ёсьць ані палітычнымі, ані адміністрацыйнымі адзінкамі. Аднак, нягледзячы на гэткі статус, падзел Летувы на рэгіёны быў зацьверджаны на афіцыйным узроўні.

больш дэталяў

 

2008-10-11

Трактаванне тэрміну "народ" у Канстытуцыі Летувы ў гістарычнай перспектыве

Ад самага моманту абвяшчэння незалежнасці 18 лютага 1918 года Летувіская Рэспубліка  пазіцыянавала сябе як наўпроставы нашчадак былога Вялікага княства Літоўскага. Гэтая старая дзяржава “ад чатырнаццатага да сярэдзіны сямнаццатага стагоддзя адыгрывала важную ролю ў гістарычным развіцці Ўсходняй Еўропы”. Сучасныя навукоўцы не аспрэчваюць прававога спадкаемства паміж Вялікім княствам Літоўскім і Летувіскай Рэспублікай. Міжнародная навуковая супольнасць прыняла летувіскі пункт гледжання на праблему. Гэты артыкул мае на мэце паставіць пад пытанне летувіскую аргументацыю наконт трактавання ЛР як адзінага нашчадка ўсёй спадчыны ВКЛ.

больш дэталяў

 

2007-11-16

Справа Рэхбэргэра альбо гарантаваньне правоў кліентаў у выпадку банкруцтва тур-апэратара

Справа С-140/97 Вальтэр Рэхбэргэр (Rechberger) і іншыя супраць Аўстрыі ўздымае пытаньне як дзяржавы-чальцы Эўрапейскага Зьвязу могуць гарантаваць поўнае захаваньне правоў спажыўцоў у выпадку банкруцтва тур-апэратара.

больш дэталяў

 

бібліятэка: новае

 

2017-02-15 23:57:45

Belarusian Review, Special Jewish Issue, 2016

фармат: .pdf

2015-01-20 18:10:50

Крывія, №34-35, сьнежань 2014

фармат: .pdf

 

навіны

 

2016-09-18 | Выпушчаны на волю голас франтавіка і важака камсамольцаў Беларусі

2016-05-08 | Стаўленне да Халакосту ў Савецкім Саюзе і сучаснай Беларусі

2016-03-02 | Отношение к Холокосту в Советском Союзе и современной Беларуси

2015-11-19 | Роберт Міцкевіч: польска-літоўская спрэчка карысная Расіі

падзеі

 

2016-01-03 | Вайна і Халакост: дарослы свет вачыма дзяцей

2016-01-03 | Война и Холокост: взрослый мир глазами детей

2015-05-15 | Цэнзура ў як прадмет даследавання і інструмент пазнання пасляваеннай савецкай Беларусі

2015-02-02 | Алесь Краўцэвіч: з Расеяй трэба сябраваць з-за пагранічнай агароджы

права

 

2015-03-02 | Аляксандр Осіпаў: Беларусь, Малдова і Украіна дагэтуль выкарыстоўваюць перавагі савецкай сістэмы кіравання разнастайнасцю

2013-11-19 | Закон “Аб беларусах замежжа”: адзін крок да прыняцця

2013-06-11 | Алена Макоўская: беларусы замежжа – самы моцны прыхільнік Беларусі і яе культуры

2013-06-04 | Беларусь і Летува: ў пошуках гістарычнага кампрамісу ў спадчыне ВКЛ

эканоміка

 

2013-06-14 | Дэвід Марплз: Расія не пагражае незалежнасці Беларусі, а абмяжоўвае яе выбар

2011-05-26 | Ці патрэбная Беларуская АЭС? - інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам

2008-08-04 | Рэгіянальная адчувальнасьць ў Эўрапейскім Валютным Зьвязе

2007-05-27 | Эканоміка Кыргызстану праз год пасьля “рэвалюцыі туліпанаў”

паліталёгія

 

2015-03-19 | Сяргей Далгаполаў: Збліжэнне Беларусі і ЕС ужо ажыццяўляецца ў эканамічнай сферы

2014-08-12 | Леанід Лыч: без сваёй мовы народ не стварае нічога арыгінальнага

2014-07-06 | а. Аляксандар Надсан: Беларусы павінны ісьці да Бога сваёй дарогай і на сваёй роднай мове

2013-12-26 | Беларусь і візавая лібэралізацыя

іншыя навукі

 

2015-11-23 | У пошуках беларускасці на паўднёвай Пскоўшчыне

2015-11-12 | Прастора: паміж Падляшшам і Сілезіяй

2015-06-06 | Ізноў пра Скарыну ў Падуі: прысутныя (ч.2)

2015-06-06 | Ізноў пра Скарыну ў Падуі: прысутныя

 
   The_Point © 2007-2017. Усе правы абароненыя   

 

 

 

створаны Webrycy studio