2015-03-02
Аляксандр Осіпаў: Беларусь, Малдова і Украіна дагэтуль выкарыстоўваюць перавагі савецкай сістэмы кіравання разнастайнасцю 
Праграма Усходняга Партнёрства ЕЦСМ ёсць трохгадовым праектам, які распачаўся ў 2014 г. і ахоплівае тры краіны – Беларусь, Малдову і Украіну. Праграма ставіць перад сабою амбітныя мэты: задзіночыць органы дзяржаўнай улады, навуковыя колы, а таксама нацыянальныя меншасці і грамадскія арганізацыі дзеля таго, каб наладзіць паміж імі кантакты і даць магчымасць абмяняцца карысным досведам. У сваім інтэрв'ю для часопісу Belarusian Review др. Аляксандр Осіпаў, навуковы кіраўнік праекту і старшы навуковы супрацоўнік ЕЦСМ, прадстаўляе гэтую ініцыятыву.
Belarusian Review: Праграма Усходняга Партнёрства ЕЦСМ ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Даніі. Што падштурнула зацікаўленасць дацкай дзяржавы да гэтага праекту?
Аляксандр Осіпаў: Дацкая Праграма суседзтва (2013-17 г.) афіцыйна ставіць перад сабой мэту “зрабіць унёсак у падтрымку міру і стабільнасці ў Еўропе” і згадвае Беларусь, Малдову і Украіну сярод сваіх “мэтавых краінаў”. Прычыны ёсць даволі відавочнымі і звязаныя з наўпроставым суседзтвам гэтых краінаў з Еўрапейскім Саюзам.
Правы чалавека, належнае дзяржаўнае кіраванне, развязанне канфліктаў і правы нацыянальных меншасцяў знаходзяцца ў шэрагу тэматычных прыярытэтаў Праграмы. Таму факт паспяховага абмеркавання дацкім Міністэрствам замежных справаў і ЕЦСМ фінансавання праекту, скіраванага на этнічныя меншасці на ўсходнім памежжы ЕС, не мусіць успрымацца як вялікая неспадзяванкай.
BR: Гэтая праграма скіраваная на тры дзяржавы Усходняга Партнёрства – Беларусь, Малдову і Украіну. Чаму менавіта гэтыя тры краіны былі задзіночаныя ў межах адной праграмы?
AO: Прычынай ёсць збег шэрагу розных акалічнасцяў і чыннікаў. У цяперашні момант зона зацікаўленасцяў еўрапейскіх донараў пасоўваецца з тэрыторыі Закаўказзя да заходняй часткі Усходняга Партнёрства. Паўдзенны Каўказ ёсць зонай зацікаўленасцяў ЕЦСМ-Грузія, а не галоўнага офісу ЕЦСМ. Уласна ЕЦСМ працуе з Беларуссю з 2011 г., а дырэктарка ЕЦСМ пачала планаваць новую супрацу паміж ЕЦСМ і Малдовай яшчэ задоўга да распрацоўкі плану Праграмы Усходняга Партнёрства ЕЦСМ. Апошнім, але не менш істотным чыннікам ёсць фактычны склад каманды Праграмы, а менавіта тое, што і Ганна Васілевіч і я з акадэмічнага гледзішча асабліва зацікаўленыя ў гэтым рэгіёне. Наш навуковы праект, прысвечаны савецкай спадчыне, увасобіўся ў манаграфію “Палітыка кіравання этнакультурнай разнастайнасцю ў Беларусі, Малдове і Украіне: паміж савецкай спадчынай і еўрапейскімі стандартамі”, што ахоплівае гэтыя тры краіны. Такім чынам, задзіночанне гэтых трох краінаў у адную групу не ёсць выпадковым, бо гэтыя краіны маюць шмат агульнага.
BR: У апісанні Праграмы Усходняга Партнёрства ЕЦСМ пазначана, што мэтавыя краіны сутыкаюцца з шэрагам цяжкасцяў, але гэтаксама маюць і шэраг дасягненняў ў адаптацыі і кіраванні этнічнай і моўнай разнастайнасцю. Якія менавіта цяжкасці і дасягненні маюцца тут на ўвазе?
AO: Усе тры краіны ёсць неаднастайнымі з гледзішча этнічнасці, мовы, і ў меншай ступені, рэлігіі. У камбінацыі з слабымі эканомікамі, недасканалымі палітычнымі інстытуцыямі, унутраным ідэалагічным расколам і вонкавым ціскам усё гэта можа спрычыніцца да сацыяльных і палітычных цяжкасцяў, – да этнічнай сегрэгацыі і нацыяналістычнага папулізму ў лепшым і да ўсеагульнай дэстабілізацыі ў горшым выпадку.
“Дасягненні” – гэта палітычна карэктны тэрмін, які азначае, што згаданыя краіны пазбеглі найгоршага сцэнару і, замест гэтага, стварылі (ці хутчэй атрымалі ў спадчыну і здолелі падтрымаць) сістэму этнакультурнага кіравання, якая даказала сваю жыццяздольнасць у доўгатэрміновай перспектыве.
Калі казаць у агульных рысах, то існуе прызнанае сацыяльнае двухмоўе, якое, як выяўляецца, прызнаецца і прымаецца простым насельніцтвам. Не існуе глыбокага этнічнага ці лінгвістычнага расколу ці, яшчэ горш за тое, сегрэгаваных ці варожых адна да аднае групаў насельніцтва. Існуе магчымасць для працы арганізацыяў нацыянальных меншасцяў і інстытуцыяў, што займаюцца пытаннямі культуры і адукацыі меншасцяў. У некаторых выпадках таксама магчыма прынамсі сімвалічнае ўключэнне ў сістэму кіравання дзяржавай прадстаўнікоў меншасцяў. Нароўні з гэтым, Малдова дэманструе рэдкія выпадкі жыццяздольнай тэрытарыяльнай аўтаноміі (Гагаузія) і дастаткова цывілізаваны спосаб узаемадзеяння з непрызнанай рэспублікай (Прыднястроўе) і з ейным насельніцтвам.
BR: У чым палягаюць асноўныя падабенствы і адрозненні ў сістэме абароны меншасцяў у Беларусі, Малдове і Ўкраіне і чым такія адрозненні выкліканыя?
АО: Відавочна, што ўсе гэтыя краіны адрозніваюцца памерамі, дэмаграфічным складам, палітычнымі рэжымамі, а таксама замежнай палітыкай, гісторыяй і нацыянальнымі падыходамі да трактавання тых ці іншых яе фактаў і эпізодаў. Варта звярнуць увагу і на тое, што ў цяперашні час Украіна знаходзіцца ў стане вайны, у той час як іншыя дзве краіны – не. У сваю чаргу, у адрозненні ад Беларусі Украіна і Малдова ёсць плюралістычнымі дэмакратыямі. Акрамя таго, Малдова змяшчае ў сабе этнічна-абгрунтаваную тэрытарыяльную аўтаномію, у той час як Украіна такой аўтаноміі фактычна больш не змяшчае. Нягледзячы на тое, што абставіны, згаданыя вышэй, у той ці іншы спосаб уплываюць на дзяржаўную этнічную палітыку, параўнанне, што мае пад сабой такую глебу, наўрад ці будзе прадукцыйным. Я ўважаю, што неабходна наадварот звярнуць увагу на фармальныя і нефармальныя “правілы гульні” ў этнічнай палітыцы (ці, іншымі словамі, на інстытуцыі) і на тое, як гэтая палітыка прадстаўленая і абгрунаваная. У звязку з гэтым я лічу, што існуе болей падабенстваў чым адрозненняў.
Калі сцісла, то ўсе тры краіны дагэтуль выкарыстоўваюць савецкую сістэму кіравання разнастайнасцю, якая была сфармаваная яшчэ ў канцы 1980-х гг. Яна выглядае як спалучэнне мяккага мажарытарнага этнічнага нацыяналізму з дэ-факта захаваннем моўнага і этнічнага плюралізму. На маю думку, у гэтым выпадку савецкая спадчына не ёсць чымсьці надта благім. Раптоўным і дзівосным чынам гэтая мадэль, створаная ad hoc, адчыніла вакно магчымасцяў. На сённяшні дзень усе тры краіны атрымліваюць выгаду ад слабой, гнуткай і ў некаторай ступені нават сімвалічнай інстытуцыяналізацыі этнічнай, рэгіянальнай і моўнай разнастайнасці. Выразна акрэсленая і простая стратэгія нацыянальнага будаўніцтва і этнічнай палітыкі магла б завесці ў тупік, т.б. спрычыніцца да сур’ёзнага расколу ў грамадстве і працяглых канфліктаў.
Ад рэдакцыі: Еўрапейскі Цэнтр па справах меншасцяў быў заснаваны ў 1996 г. урадамі Даніі, Нямеччыны і зямлі Шлезвіг-Гальштэйн. Цэнтр ажыццяўляе прыкладныя распрацоўкі і ладзіць даследаванні ў галіне палітыкі, надае інфармацыю, кансультацыі і дакументацыю ў пытаннях рэгулявання адносінаў з меншасцямі ў Еўропе. Цэнтр кансультуе як еўрапейскія ўрады і міжнародныя арганізацыі арганізацыі, так і арганізацыі меншасцяў. Больш інфармацыі пра Праграму Усходняга Партнёрства ЕЦСМ “Нацыянальныя меншасці і этнапалітычныя пытанні. Беларусь – Малдова – Украіна” можна знайсці на сайце: http://ecmi-epp.org.
Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 27, No. 1. © 2015 The_Point Journal/Belarusian Review
Ключавыя словы: нацыянальныя меншасці, этнапалітычныя пытанні, Усходняе Партнёрства, Беларусь,
Малдова,
Украіна, кіраванне разнастайнасцю, недыскрымінацыя, моўная разнастайнасць,
дыскрымінац |