The Point

Святлана Куль-Сяльверстава: 17 верасня – двухсэнсоўная дата

Cёлета ў верасні споўнілася 75 год з дня далучэння заходнебеларускіх земляў да Беларускай ССР і падзелу Польскай дзяржавы паміж Трэцім Рэйхам і СССР. Часопіс Belarusian Review запытаў Святлану Куль-Сяльверставу, прафесарку Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і Палітэхнічнага універсітэта ў Беластоку, аб тым, якім чынам цяпер варта разглядаць гэтыя падзеі.

Belarusian Review: Чым з'яўляецца дата 17 верасня для беларускай нацыі?

Святлана Куль-Сяльверстава: 17 верасня - двухсэнсоўная дата. Яе можна святкаваць як дзень уз'яднання нацыі. З іншага боку - гэтае ўз'яднанне выглядала як перавод двух братоў з розных вязніц у адну, пры тым найгоршую з двух. Я б не раіла святкаваць. Проста адзначаць. Эдуард Мазько (беларускі гісторык і паэт, які заўчасна памёр у 2011 годзе) высунуў у свой час канцэпцыю, што Заходняя Беларусь у міжваенны перыяд стала абшарам нацыятворчага працэсу, фармавання адрознай ад БССР беларускай субкультуры. Працэс быў цяжкі і пакутны, бо адбываўся ў неспрыяльных умовах ціску з боку польскай дзяржавы. Але ён ішоў, што нельга сказаць пра усходнія нашыя землі пасля знішчэнняў 1927-37 гг. Каб не 17 верасня, мы маглі б сёння мець уласны Львоў у постаці Гародні і іншы ўзровень нацыянальнай свядомасці.

BR: Як 17 верасня сёння ўплывае на адносіны паміж беларусамі і палякамі?

СК-С: Не ўплывае - абодва нашыя народы былі ахвярамі. Я жыву ў Польшчы і ў Беларусі. Неадэкватныя ёсць і там, і там. Думаю, калі беларус не будзе падсоўваць паляку зборнічак дакументаў "Беларусь пад ботам польскіх акупантаў" (быў такі выдадзены акурат да 17 верасня), а паляк не будзе называць Гарадзеншчыну "Крэсамі", усё будзе нармальна.

размаўляў Андрэй Ціхаміраў

Гэты артыкул з'явіўся па-ангельску ў Belarusian Review, Vol. 26, No. 3.
© 2014 The_Point Journal/Belarusian Review